Каласоўскi Ю. У.

КАЛАСОЎСКІ ЮРЫЙ УЛАДЗІМІРАВІЧ

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Кваліфікацыйная катэгорыя: вышэйшая.

Педагагічны стаж: 14 гадоў.

Адукацыя: у 2006 годзе з адзнакай скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, атрымаўшы кваліфікацыю "Настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Літаратурны працаўнік". У 2007-2021 гадах працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ДУА "Магілёўская гарадская гімназія № 1".

С 2021 года - настаўнік беларускай мовы і літаратуры АУА "Сярэдняя школа "Канкорд". 

 

На працягу працы ў гімназіі падрыхтаваў некалькі пераможцаў гарадскога і абласнога этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. У 2019-2021 гадах вучні Юрыя Ўладўіміравіча станавіліся фіналістамі рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, атрымаўшы два дыпломы ІІ ступені на гэтым этапе. У 2012 г. быў узнагароджаны ганаровай граматай аддзела адукацыі Магілёўскага гарвыканкама, а ў 2019 годзе - ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

У 2013 годзе настаўнік стаў пераможцам конкурсаў прафесійнага майстэрства “Фестываль педагагічных ідэй” і “Настаўнік года Магілёўскай вобласці-2013”, а ў 2014 годзе – фіналістам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Беларусі”.

У 2010-2020 гадах з'яўляўся рэдактарам гімназічнай газеты “Статус-кво”, рэдкалегія якой станавілася пераможцам рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых СМІ “Свежы вецер” у 2013 і 2017 гадах.

З 2012 года Каласоўскі працуе з тэхналогіяй актыўнай ацэнкі. У 2013-2020 годзе з’яўляўся ментарам дыстанцыйных курсаў па навучанні тэхналогіі актыўнай ацэнкі. Сваім вопытам па ўкараненні элементаў актыўнай ацэнкі ў педагагічную дзейнасць, набытым падчас семінараў у Літве і Польшчы, Каласоўскі актыўна дзяліцца з калегамі, праводзячы майстар-класы ў Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі і іншых навучальных установах.  Настаўнік з’яўляецца суаўтарам дапаможніка “Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі” (2014).

Юрый Ўладзіміравіч свабодна валодае польскай мовай, займаеццп перакладамі з польскай мовы на беларускую. Так, у 2021 годзе ў перакладзе Каласоўскага выйшаў дапаможнік “Вучу (ся) ў школе” польскага педагога Дануты Стэрны. Акрамя таго,  настаўнік пераклаў на беларускую мову ўкраінскі метадычны дапаможнік “Як стварыць сучасную школьную газету?” (2014 год).  У 2020-2021 годзе з’яўляўся ментарам дыстанцыйных курсаў па навучанні медыяграматнасці.

Захапляецца падарожжамі. У 2002-2015 гадах наведаў усе 118 райцэнтраў Беларусі. З вучнямі падарожнічаў як па Беларусі, так і за яе межамі: Швецыя, Фінляндыя, Эстонія, Польшча, Чэхія, Латвія, Літва, Украіна, Расія.

Настаўнік займаецца лёгкай атлетыкай, у прыватнасці, марафонскім бегам. Паспяхова скончыў 20 марафонаў, у тым ліку ў Варшаве, Кіеве, Рызе. На марафоне ў Варшаве з часам 2.50.41 трапіў у першую сотню з 8500 удзельнікаў. На сваіх уроках шырока выкарыстоўвае краязнаўчы матэрыял, прапагандуею здаровы лад жыцця.

Творчае крэда – лацінскі афарызм Docendo discimus (навучаючы, вучыцца самому).