Вучаніца школы «Канкорд» Ганна Акулава атрымала спецыяльны прыз на конкурсе эсэ «Пуцявінамі беларускага пісьменства».

20.04.2022

Вучаніца школы «Канкорд» Ганна Акулава атрымала спецыяльны прыз ад Саюза пісьменнікаў Беларусі на конкурсе эсэ «Пуцявінамі беларускага пісьменства».

15 красавіка 2022 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу эсэ “Пуцявінамі беларускага пісьменства”.Дыпломы і ўзнагароды ўручалі арганізатары і ганаровыя госці мерапрыемства: дэкан філалагічнага факультэта БДУ кандыдат філалагiчных навук Сяргей Важнік, галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка, загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, доктар філалагічных навук Алесь Бельскі, доктар філалагічных навук Мікалай Прыгодзіч.

Вучаніца 11 класа школы «Канкорд» атрымала спецыяльны прыз конкурсу – дыплом ад Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адзначым, што Ганна Акулава – адзіная прадстаўніца Магілёва, працу якой члены журы так высока ацанілі. Яе эсэ «Хараство прыроды і прыгажосць душы Васіля Матэвушава» – гэта своеасаблівы анлайн-шпацыр па вуліцах Магілёва, названых у гонар паэтаў і пісьменнікаў, якія нарадзіліся, жылі, тварылі на Магілёўшчыне.

Дарэчы, ідэя эсэ з’явілася дзякуючы настаўніку беларускай мовы і літаратуры і кіраўніку праекта Юрыю Уладзіміравічу Каласоўскаму. Педагог захапляецца бегам і падчас трэніровак вывучае горад і яго беларускамоўнае асяроддзе: назвы вуліц, шыльды крам, прыпынкаў.

Напрыклад, у Магілёве ёсць вуліца Паэтычная, з якой наш настаўнік і параіў Ганне пачаць сваё падарожжа. Недалёка ад Паэтычнай знаходзяцца вуліцы, названыя ў гонар паэтаў і пісьменнікаў, жыццё і творчасць якіх звязаны з Магілёўшчынай. Адна з іх носіць імя Васіля Матэвушава – «песняра з Княжыц», які надзвычай прыгожа і далікатна апісваў прыгажосць родных мясцін.

Васіль Матэвушаў і стаў галоўным героем эсэ. У сваёй працы Ганна Акулава раскрывае цікавыя факты біяграфіі Матэвушава, асаблівасці творчасці паэта, перадае яго захапленне роднымі мясцінамі. Паэзія Матэвушава так натхніла Ганну, што яна напісала цудоўныя радкі, прысвечаныя паэту. Яе трыялет стаў арганічнай часткай эсэ.

З дазволу аўтара мы публікуем эсэ «Хараство прыроды і прыгажосць душы Васіля Матэвушава»! І віншуем Ганну Акулаву і Юрыя Уладзіміравіча Каласоўскага з перамогай на конкурсе “Пуцявінамі беларускага пісьменства”.

 

Эсэ «Хараство прыроды і прыгажосць душы Васіля Матэвушава»

Мы жывем, каб вяртацца час ад часу туды,

дзе мiнула юнацтва, дзе маленства сляды.

Анатоль Вярцiнскi

«Гэта пасланне ад 29 сакавiка 2022 года я, Акулава Ганна Аляксандраўна, вучанiца 11 класа сярэдняй школы “Канкорд”, хачу адрасаваць найперш сваім равеснікам, тым беларусам, якія нарадзіліся ўжо ў ХХІ стагоддзі, каб яны ведалi iмя таленавiтага беларускага паэта Васiля Iванавiча Матэвушава, якi праз доўгiя гады пранёс памяць пра свой родны край у сэрцы. Ён лiчыў, што няма нiдзе на свеце такога хараства, як тое, якое ўбачыў у маленстве i якое зачаравала яго назаўсёды. Родная вёска на Магiлёўшчыне для паэта была самым ветлiвым, утульным i прыгожым месцам, бо тут прайшлi яго дзiцячыя гады. Сувязь з роднай зямлёй, захапленне прыродай з’яўлялiся крынiцай творчага натхнення i мастацкай фантазii паэта.

Памятаеце, яшчэ Фёдар Дастаеўскi сказаў, што “прыгажосць выратуе свет”. Сапраўды, здольнасць сузiраць прыгажосць, разумець яе – вялiкая справа. Гэта адна з крынiц духоўнасцi чалавека. Многіх славутых i таленавiтых людзей дала свету Магiлёўшчына. Адных мы ведаем добра, другiх – менш, але кожны заслужыў права на ўдзячную памяць нашчадкаў.

Сорамна прызнацца, але я да нядаўняга часу не ведала iмя нашага таленавiтага земляка Васiля Матэвушава – паэта, чыё жыццё і творчасць застаюцца прыкладам шчырага служэння народу i роднаму краю. Для меня было прыемным адкрыццём, што ў маім родным Магiлёве ёсць вулiца i завулак з iмем паэта.

…Прыгожай сакавіцкай раніцай я прыехала ў госцi да сваёй сяброўкi, якая жыве на вулiцы з паэтычнай назвай Вавёрчын кут на ўскрайку Казіміраўскага лесапарку. На дварэ была пагода, і таму мы вырашылі прагуляцца. Я заўважыла, што шыльдачкі з назвай “Вавёрчын кут” на дамах спачатку змяніліся на “Ручэйную”, а потым на “Паэтычную”.

“Можа, у вас тут яшчэ названыя ў гонар беларускіх паэтаў вуліцы ёсць?” – спытала я ў сяброўкі. – “Хутка пабачыш сама”, – адказала яна і, усміхнуўшыся, прапанавала пайсці далей.

Мы павярнулі налева, і я ўбачыла, што цяпер мы знаходзімся на вуліцы Эдуарда Валасевіча. Развярнуўшыся, мы пайшлі па вуліцы Васіля Карпечанкі, з якой павярнулі на вуліцу Анатоля Сербантовіча, а потым і на вуліцу Васіля Матэвушава. “А што гэта за людзі?” – спытала я ў сяброўкі. – Калі ўжо будуць вуліцы Купалы, Коласа ці Багдановіча?” – “Названыя табой вуліцы сапраўды ёсць у Магілёве, але знаходзяцца яны ў іншых раёнах горада. А вуліцы, па якіх мы прагуляліся, названыя ў гонар паэтаў, жыццёвы і творчы шлях якіх звязаны з Магілёўшчынай, – адзначыла Аліна. – Няўжо ты ні разу не чула пра такіх?” – “На жаль, не чула”, – пачырванеўшы, прызналася я. – “Значыць, ёсць нагода даведацца пра жыццё і творчасць нашых паэтаў”, – параіла мне сяброўка і прачытала на памяць некалькі радкоў:

Да родных завiтаў мясцiн,

Дзе хлапчуком iрваў пралескi…

Iду адзiн, – не, не адзiн,

Калi са мной iдуць узлескi,

Калi струмень крынiцы б’е,

У небе жаваранак звонiць

I сонца жаркiя далонi

Вясне пяшчотна падае.

“Як думаеш, чые гэта радкі?” – спытала яна. Я ж магла толькі здагадвацца. Аказалася, што верш належыць пяру Васіля Матэвушава, імем якога названы вуліца і завулак ў гэтым раёне горада.

Вярнуўшыся дадому, я пазнаёмiлася з творчасцю гэтага таленавiтага чалавека. Нарадзiўся будучы паэт 6 сакавiка 1915 года недалёка ад Магiлёва ў старажытным мястэчку Княжыцы, дзе знаходзiцца велiчны баракальны касцёл. Скончыўшы пачатковую школу, хлопец паступiў у Княжыцкую школу калгаснай моладзi, дзе сустрэў тых людзей, якiя дапамаглi абраць свой творчы шлях на ўсё жыццё. Лёс звёў яго з Мiхасём Ларчанкам i маладым таленавiтым паэтам Петрусём Бядулiным. Маладыя хлопцы часта выступалi ў самадзейнасцi са сваiмi творамi.

Васіль Іванавіч Матэвушаў

На ўлоннi прыроды будучы паэт пазнаваў жыццё i навакольны свет. Пад шум сосен i ялiн, беластвольных бяроз, магутных дубоў, пад чароўныя гукі матчыных песень нараджалiся ў сэрцы Васiля паэтычнае пачуццё і светлыя летуценнi. Прыгожыя берагi Лахвы, бярозавыя гаi i задуменныя бары захаплялi казачнай маляўнiчасцю i клiкалi да сябе. На ўсё жыццё палюбiў Васiль Iванавiч гэтае хараство.

Зiма вабiла яго ўрачыстай маўклiвасцю лясоў i снегавымi завеямi.

Летам юнак цешыўся водарам кветак і морам жытнёвых палёў. Якiх толькi фарбаў тут няма! Ажно вочы разбягаюцца!

Восень захапляла хлопчыка стракатасцю колераў, нязвыкласцю адценняў, туманнымi ранiцамi, зорнымi вераснёўскiмi вечарамi.

Але больш за ўсё хвалявала i радавала яго вясна. Зямля абуджалася ад снегу, лес напаўняўся чароўнай сiмфонiяй птушынага гоману, зелянела трава, квеценню палымнелi сады. Духмянасць бэзу i белапенных кустоў язмiну проста кружыла галаву, перапаўняючы пачуццём радасці.

“Куды нi кiдаў мяне лёс, а родная бацькава зямля з яе рамонкавымi лугамi, cунiчнымi палянамi, cа шпакоўняй на iгрушыне-дзiчцы заўсёды паўставала ў сваiм непаўторным харастве”, – менавiта так узгадваў паэт свае родныя мясцiны праз усё жыццё. У вольны час, у хвiлiны скрухi i адчаю вернымi лекамi для Матэвушава была родная прырода яго малой радзiмы.

Як адзначаў Васiль Карпечанка, нiводзін пiсьменнiк Магiлёўшчыны не здолеў так апець родны Прыдняпроўскi край, як Васiль Матэвушаў:

Нідзе не знойдзеш лепшых дываноў

Па яркасці і расфарбоўцы,

Як разнаквецце заліўных лугоў

Каля Дняпра пад зыркім сонцам.

Паэт стварае ў творах свой свет. Варта толькi ўзяць у рукi паэтычны зборнiк, адгарнуць старонку – i свет ажывае, напаўняецца гукамi, пахамi, колерамi. Калi ўслухацца ў словы паэта, то вы пачуеце там гоман бароў, шум палеткаў, посвiст ветру, звон ручаёў, бульканне крынiчак. Усё гэта жыве i адгукаецца ў кожным слове. Усё ў прыродзе спявае, цешыць слых дзiўнай мелодыяй. Знешне някiдкая паэзiя Васіля Матэвушава раскрывае ўнутраную прыгажосць чалавека, хараство роднага Прыдняпроўскага краю.

…Таленавiтага паэта не стала ў сакавiку 1974 года. Знайшоў свой вечны спачын Васiль Матэвушаў у Магiлёве на Каталіцкіх могiлках. Тут пахаваны і паэт Аляксей Пысін. Кожную вясну i лета шамацяць лiсточкi дрэў над магiлай паэта, пра штосьці шэпчуцца кветкi. Пра што яны гавораць? Можа, напяваюць паэту песню пра дзяцінства, калі мама пяшчотным і ціхім голасам чытала чарадзейныя казкі? Можа, шэпчуць пра маладосць і каханне, пра той узрост, які ва ўсіх пакаленняў бывае самым звонкім, самым вольным і самым чароўным? А можа, бярозы, якія ўвасабляюць святло, ззянне і чысціню, сваёй прыгажосцю апяваюць веліч i шчодрасць душы мастака слова?

Паэта даўно няма з намi, але жывуць яго кнiгi, жыве памяць пра яго. Ваciль Матэвушаў, маючы душэўную прыгажосць, у вершах раскрываў хараство свайго добрага сэрца. Яно заўсёды было адкрыта пачуццю прыгожага і поўнілася любоўю да роднай зямлi. Ён гаварыў тое, што хвалявала яго сэрца. Паэт валодаў неацэннай чалавечай якасцю – уменнем любіць людзей, сваю Радзіму і непаўторны Прыдняпроўскі край. Вялiкая любоў вяла гэтага чалавека па роднай зямлi, адкрываючы яму хараство кожнага яе кутка.

Камета цi метэарыт, згараючы, пакiдаюць за сабой след. I чалавек не павiнен бясследна знiкнуць з Зямлi. Мне вельмі прыемна, што Васіль Матэвушаў жыве ў памяці нашчадкаў, як і Анатоль Сербантовіч, Эдуард Валасевіч, Васіль Карпечанка. Натхніўшыся краявідамі вулачак, названых у гонар гэтых паэтаў, я напісала трыялет, прысвечаны ім:

Прайсціся па зямлі сваёй удзячным сынам

І памяць продкаў для нашчадкаў зберагчы!

Мінуўшчыне цяпер не зарасці палынам.

Прайсціся па зямлі сваёй удзячным сынам,

Пра Беларусь сказаць другім краінам,

Натхненне ў пушчах, рэках, гонях беручы.

Прайсціся па зямлі сваёй удзячным сынам

І памяць продкаў для нашчадкаў зберагчы!

Дарэчы, а што вам гавораць імёны нашых таленавітых пісьменнікаў Юркі Лявоннага, Васіля Каваля і Платона Галавача? Калі нічога ці няшмат, прыязджайце да Казіміраўскага лесапарку, каля якога знаходзяцца вуліцы, названыя ў іх гонар. На днях я з Алінай прагулялася па гэтых вулачках і, адкрыўшы для сябе імёны нашых таленавітых землякоў, узяла ў бібліятэцы кнігу “Спалох на загонах” Платона Галавача.

Не палохайцеся і адкрывайце для сябе iмёны сваiх суайчыннiкаў і землякоў, бо памяць народа – гэта самае вялiкае багацце, якое называецца спадчынай.»

 

Падрабязней пра конкурс і яго вынікі можна прачытаць па спасылцы .