Версия для слабовидящих

Цікава, пазнавальна і са смакам бліноў!

22.02.2026

Loading

З 16 па 20 лютага 2026 года ў школе «Канкорд» панавала асаблівая атмасфера: гучала мілагучная беларуская мова, праводзіліся займальныя конкурсы і квэсты. Гэты тыдзень быў прысвечаны роднаму слову і багатай культуры нашай краіны.

Адкрыццё тыдня распачалося са стварэння «Клуба літары Ў» — сімвала ўнікальнасці нашай мовы. Настаўнікі  беларускай мовы аформілі інфармацыйны стэнд, які адразу задаў настрой усім вучням.

Iнтэрактыў і спаборніцтвы
У аўторак школа ператварылася ў вялікую гульнявую пляцоўку. На перапынках працаваў інфармацыйны дэсант-пазл «Як сказаць па-беларуску?», дзе дзеці з задавальненнем папаўнялі слоўнікавы запас.
Вучні 7-х класаў выяўлялі лепшага знаўцу мовы, а пяцікласнікі з азартам уключыліся ў гульню-віктарыну «Не маўчы па-беларуску». Дзевяцікласнікі паглыбілі свае веды падчас інтэрактыўнай віктарыны «Яны праславілі Беларусь»

Падарожжа ў традыцыі
18 лютага стаў сапраўдным святам не толькі мовы, але і народных традыцый. У гэты дзень для вучняў была арганізавана беларуская Масленіца з сапраўднымі гуляннямі.
Пад кіраўніцтвам настаўнікаў і педагога-арганізатара дзеці знаёміліся са звычаямі продкаў, вадзілі карагоды і частаваліся духмянымі блінамі, якія сталі сімвалам вясны і сонца. Гульні «Белая Русь ты мая» (8 клас) і «Пагуляем у роднае слова» (6 клас) дапаўнялі атмасферу свята.


Акрамя таго, вучні 5-х класаў спрабавалі сябе ў квэсце «Фанетычная транскрыпцыя», а старшакласнікі спаборнічалі ў веданні творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Цікавосткі і каліграфія
У чацвер школьнікі даведаліся шмат нечаканага з інфармацыйнага дэсанту «Ці ведалі вы, што…?». Аматары паэзіі збіралі вершы з «воблакаў слоў», а самыя ўважлівыя спаборнічалі ў конкурсе каліграфаў. Вучні 6-х класаў развівалі логіку, адгадваючы народныя загадкі. Завяршыўся дзень акцыяй «Мой любімы твор на беларускай мове», дзе кожны ахвотны мог падзяліцца любімымі радкамі.

Сустрэча з пісьменніцай і падвядзенне вынікаў
Фінал тыдня атрымаўся яркім і незабыўным.


У гэты дзень да нас у госці завітала пісьменніца Алена Беланожка. Аўтарка цёпла паразмаўляла з вучнямі, расказала пра свае кнігі, натхненне і адказала на шматлікія пытанні. Сустрэча пакінула самыя прыемныя ўражанні і, спадзяемся, натхніць школьнікаў на ўласныя творчыя поспехі.
Завяршыўся тыдзень акцыяй «Пажаданні роднай мове», дзе кожны пакінуў на сцяндзе самыя шчырыя словы.

Дзякуем усім настаўнікам, класным кіраўнікам і вучням за актыўны ўдзел! Родная мова жыве, пакуль ёю гавораць. Гаварыце па-беларуску!