Дні беларускай мовы і літаратуры
26.02.2025

У школе «Канкорд» адзначалі Дні беларускай мовы і літаратуры. Гэтае свята стала магчымасцю для вучняў паглыбіцца ў багацце роднай культуры, ушанаваць творчасць класікаў і нацешыцца прыгажосцю беларускага слова.
Фае школы ўпрыгожылі тэматычнымі плакатамі, цытатамі вялікіх пісьменнікаў — Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава. Але самыя цікавыя актыўнасці чакалі школьнікаў у класах. Вучні вырашалі крыжаванкі з пытаннямі пра беларускіх аўтараў і іх творы, удзельнічалі ў літаратурных квестах, настаўнікі таксама арганізоўвалі віктарыны і інтэлектуальныя батлы. Інтэрактыўныя конкурсы выклікалі асаблівы энтузіязм вучняў. На перапынках у калідоры школы працавала «Альтанка мудрасці»: кожны мог знайсці ўлюбёныя радкі з паэзіі або прыслоўі. А яшчэ школьнікі адгадвалі беларускія прыказкі, якія штучны інтэлект ператварыў у выявы, а таксама перакладалі адмысловыя словы на родную мову. Гэта цікавая актыўнасць дапамагла дзецям не толькі пазнаць народную мудрасць, але і звярнуць увагу на сучасныя тэхналогіі: кожную прыказку трэба было «раскласці» па сэнсе, параўноўваючы з вобразнымі ілюстрацыямі ад ШІ. Мэта такіх мерапрыемстваў — пабудзіць у дзяцей пачуццё гонару за родную мову, паказаць, наколькі яна жывая і сучасная.
А ў межах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы вучні пачатковых класаў адправіліся ў Мастацкі музей імя П.В.Масленікова. Спецыяльна для іх супрацоўнікі музея падрыхтавалі цікавы занятак, прысвечаны традыцыйным беларускім ручнікам і нацыянальным касцюмам. Мова — гэта не толькі словы. Гэта і тканіна, і колеры, і сімвалы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Вельмі важна, каб дзеці бачылі гэтую сувязь.